«Зааморфныя аб’екты» Аляксея Лунёва

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Аляксей Лунёў, інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» \ 2009

Архіў! pARTisan #18’2012

 

Мадэлюючы час

Панятку «час» уласьцівая ўнутраная амбівалентнасьць. З аднаго боку, час ажыцьцяўленьня фізычных працэсаў можа быць дакладна й адназначна зафіксаваны прыборамі. Ён праходзіць раўнамерна, лінейна зьвязваючы мінулае й будучыню праз імгненнае зараз. Зь іншага — індывідуальны досьвед часу сьведчыць пра тое, што ягоная плынь не аднародная. Ён можа запавольвацца, утвараючы тэмпаральныя лякуны, ці, наадварот, паскарацца, фармуючы імклівыя віры, у залежнасьці ад пэўных вонкавых умоваў і псыхалягічных станаў чалавека.

Такім чынам, катэгорыя часу відавочна распадаецца на два незалежныя складнікі: час фізычны й час, які перажывае індывід і які ня можа быць вымераны ў хвілінах і сэкундах, а фіксуецца ў нашых пэрсанальных адчуваньнях.

Для набыцьця досьведу падобнага кшталту неабавязкова паглыбляцца ў татальныя інсталяцыі, што ўзнаўляюць пэўны кантэкст, у межах якога было атрыманае аўтарскае адчуваньне (як, напрыклад, знакаміты «Чалавек, які вылецеў у космас з свае кватэры» Ільлі Кабакова). Цалкам дастаткова ўдалае мэтафары, што імпліцытна аднаўляла б істотныя рысы гэтага досьведу. Матэрыялізуючыся, такая мэтафара становіцца мадэльлю, якая невідавочна адсылае да свайго прататыпу.

Падобнаю дакладна сканструяванаю мадэльлю індывідуальнага часу ёсьць інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты» Аляксея Лунёва. Трапляючы ў яе, глядач атрымлівае мажлівасьць набыць аўтарскі альбо падобны да гэтага досьвед часу.

***

Інсталяцыя Аляксея Лунёва складаецца з пасьлядоўнасьці зааморфных аб’ектаў — мультыпляў (ад анг. multiple — шматразовы, паўтаральны). Як і вынікае з назову, усе мультыплі паміж сабою ідэнтычныя. Аўтар выстаўляе іх у шарэнгу, раўнамерна разьмяшчаючы па ўсёй ейнай даўжыні. Яны выкананыя з пап’е-машэ, абгорнутыя тканінаю й нагадваюць схематычных антрапаморфных зайцоў.

Безумоўна, заяц як форма мультыпля ёсьць невыпадковым і шмат у чым архетыповым для Беларусі. Ён недвухсэнсоўна маркуе беларускі кантэкст і, такім чынам, кантэкстуалізуе інсталяцыю цалкам.

Але моцны акцэнт на сымбалічным значэньні мультыплю залішні й шмат у чым дыскрэдытуе аўтарскую канцэпцыю, рэдукуючы яе да набору традыцыйных культурных сэнсаў і пошуку іх удалых камбінацыяў. Такі падыход істотна абмяжоўвае патэнцыял інсталяцыі Лунёва, радыкальна нівэлюючы ейны пачуцьцёвы аспэкт.

Разам з сымбалічным зьместам «Зааморфных аб’ектаў» прынцыповым ёсьць іх візуальнае й плястычнае вырашэньне. Мультыплі ўяўляюць сабою хутчэй макет, накід пэўнае ідэі, прамежкавую мадэль, чымся завершаны аб’ект. Невыпадкова ў межах аўтарскае выставы «Мультыплікацыі» Аляксей Лунёў уключыў у экспазыцыю акрамя непасрэдна інсталяцыі красьлюнкі мультыпляў з інструкцыяю па іх стварэньні, якія яшчэ ў большай ступені ўпэўніваюць у тым, што гледачу прапануецца мадэль, а не эстэтычны арт-аб’ект.

Антыдэкаратыўнасьць і ляканічнасьць плястычных формаў, лінейнасьць і рытмічнасьць арганізацыі прасторы не прадугледжваюць узьнікненьня актыўнага эстэтычнага водгуку ў гледачоў, але падкрэсьліваюць унутраную функцыянальнасьць інсталяцыі.

***

У аснове інсталяцыі Аляксея Лунёва ляжыць ідэя размнажэньня аб’ектаў, вядомая й распаўсюджаная арт-практыка, якая ўзбагачае прадмет дадатковымі сэнсамі. Аналізуючы фэномэн пасьлядоўнасьці, Жыль Дэлёз цытаваў тэзыс Юма: «Паўтарэньне нічога не зьмяняе ў паўтаральным аб’екце, але яно штосьці зьмяняе ў сьвядомасьці падчас яго сузіраньня». У выпадку інсталяцыі Аляксея Лунёва зьмена ў сьвядомасьці гледача адбываецца ў выніку таго, што сама пасьлядоўнасьць як спосаб арганізацыі элемэнтаў у прасторы аб’ектывізуецца. У прасторы інсталяцыі сымультанна існуюць два аб’екты: мультыпль і пасьлядоўнасьць мультыпляў, кожны зь якіх мае спэцыфічны пачуцьцёвы досьвед і сэнс. Іхнае спалучэньне ў межах інсталяцыі рэалізуе аўтарскую мадэль часу.

У анатацыі да выставы «Мультыплікацыі», у межах якой дэманстравалася інсталяцыя «Зааморфныя аб’екты», Аляксей Лунёў гаворыць пра тое, што фэномэн пасьлядоўнасьці для яго ідэнтычны працэсу перажываньня часу. Падобную ідэю выказвае й амэрыканскі арт-крытык Майкл Фрыд. Ён разглядае пасьлядоўнасьць як «натуральную мэтафару» нашага досьведу часу.

Разьвіваючы гэтую ідэю, прыходзіш да таго, што ў пэўным сэнсе кожная матэрыяльная пасьлядоўнасьць аналягічная прамінаньню часу, таму што ўтрымлівае ў сабе ўнутраную імпліцытную тэмпаральнасьць. Ніводная дастаткова працяглая пасьлядоўнасьць ня можа быць схопленая гледачом у адзін момант, але раскрываецца для агляду паступова, элемэнт за элемэнтам. Пачуцьцёвы досьвед успрыманьня аказваецца разьмеркаваны ў часе, элемэнтарным адрэзкам якога становіцца працягласьць назіраньня адзінкавага аб’екту. А значыць, досьвед пасьлядоўнасьці набывае часавую каардынату. Пасьлядоўнасьць атрымлівае ў дадатак да трох прасторавых вымярэньняў відавочна адчувальнае часавае, якое залежыць ад уласьцівасьцяў як самой пасьлядоўнасьці, гэтак і ейнага элемэнтарнага аб’екту.

У гэтым кантэксьце мультыпль зьяўляецца атамарным элемэнтам, што вызначае структуру індывідуальнага часу. Час зацьвердзявае ў выглядзе мультыпляў (Марыс Бляншо).

Іхная пасьлядоўнасьць — пачуцьцёва пазнавальная мадэль часу, але ня сам час, які па-ранейшаму застаецца нам не даступны.

Характар пасьлядоўнасьці зааморфных аб’ектаў, ейныя дынаміка й рытм, а таксама сымбалічны сэнс адзінкавага мультыплю мадэлююць досьвед часу Аляксея Лунёва. Пры гэтым кожнаму гледачу прапануецца мажлівасьць перажыць індывідуальны досьвед часу.

Невыпадковым у зьвязку з гэтым ёсьць і тое, што мультыплі зробленыя з газэтаў, абрыўкі якіх уважлівы глядач можа разабраць. Газэта як форма мас-мэдыя, якая прадугледжвае імгненную актуальнасьць і кароткатэрміновасьць, відавочна адсылае да тэмпаральнага вымярэньня паўсядзённасьці.

***

Калі пасьлядоўнасьць мультыпляў ёсьць мадэльлю досьведу часу, то ейныя асаблівасьці вызначаюць найбольш прынцыповыя рысы гэтага досьведу. Разгортваючыся ў прасторы, мультыплі ніяк не зьмяняюць ні адноснага разьмяшчэньня ў шыхце, ні сваёй формы. Перад гледачом ідэальна сталая пасьлядоўнасьць, якая хоць і абмежаваная фізычнымі памерамі інсталяцыі, аднак за кошт сталасьці й прадказальнасьці ўяўна працягвальная на бясконцасьць. Шарэнга мультыпляў не разьвіваецца, а пэрманэнтна самапаўтараецца. Час, што адпавядае падобнай пасьлядоўнасьці, таксама сталы. У такім часе не ўзьнікае разрыву паміж мінулым, цяперашнім і будучыняй празь іхную поўную ідэнтычнасьць.

Маючы на ўвазе прыналежнасьць інсталяцыі да кантэксту Беларусі, можна дапусьціць, што ідэя падобнага часу мусіць быць пэўным чынам зафіксаваная ў дыскурсе, які нас акаляе. Гэтая ідэя знаходзіць сваё адлюстраваньне ў канцэпцыі стабільнасьці — уладнае ідэалягічнае парадыгмы, якая лютуе ў Беларусі. Гэтая ідэя радыкальна адмаўляе прагрэс, але пасьпяхова аднаўляе сацыяльныя й палітычныя скамянеласьці мінулага тут і зараз.

Такім чынам, час усярэдзіне беларускага кантэксту ня толькі запавольваецца й прыпыняецца, але рызыкуе зусім павярнуцца назад.

Мінуўшчына страчвае сваю веліч, цяперашняе — накіраванасьць наперад, а будучыня — усялякую таямнічасьць, бо становіцца магчымаю толькі як «рэканструяванае мінулае» (Жак Рансьер). Індывід, які ня здольны супраціўляцца агрэсіі ўлады, становіцца падобны да мультыплю — стандартызаванай мадэлі, пастаўленай уладнаю рукой у шыхт. Шарэнга як спосаб арганізацыі пасьлядоўнасьці мультыпляў у інсталяцыі наўрад ці выпадковая — яна канатуе «нівэляваньне» й «падпарадкаваньне», уласьцівыя ўладнаму дыскурсу Беларусі.

***

Такім чынам, інсталяцыя Аляксея Лунёва дасягае максымальнае ступені кантэкстуалізацыі.

Яна становіцца мадэльлю ня толькі часу, але й бацькоўскага кантэксту, аднаўляючы ў сабе ягоную сутнасьць і такім чынам урываючыся ў сфэру палітычнага.

Але для мастака толькі такога, вузкага, асэнсаваньня мала. Ён ідзе далей і, мадэлюючы час у межах інсталяцыі, прапануе арыгінальны спосаб апасродкаваньня тэмпаральнае сутнасьці фэномэнаў навакольнае рэальнасьці ў мастацтве, адказваючы на актуальнае пытаньне сучаснасьці: «Што ёсьць часам тут і цяпер?»

Вадзім Дабравольскі

Тэкст-пераможца ў намінацыі «Лепшы артыкул пра твор беларускага мастака» праекту «На шляху да сучаснага музэю — 2011».

Фатаграфіі © Аляксей Лунёў (пэрсанальная старонка мастака)

Меркаваньні аўтараў не заўсёды супадаюць з пазыцыяй рэдакцыі. Калі вы заўважылі памылкі, калі ласка, пішыце нам.

Пры перадрукоўцы артыкулу выкарыстаньне аўтарскага візуальнага матэрыялу забароненае.


Leave a Reply


pARTisan©, 2012-2024. Design: Vera Reshto. Web development by Kasten Technology

109 queries in 0,920 seconds.